Мастацкае выяўленьне дзьвюх галяктык раньняга Сусьвету. Яскравы выбух зьлева — гэта гама-ўсплёск. Пасьля таго, як сьвятло ад выбуху пройдзе праз гэтыя дзьве галяктыкі ў накірунку Зямлі (па-за кадрам праваруч), некаторыя колеру (кавалкі спэктру) будуць паглынутыя халаднейшым газам унутры галяктык, што пакіне на спэктры выразныя цёмныя лініі. Пільнае вывучэньне гэтых спэктраў дазваляе астраномам рабіць высновы пра наяўнасьць у галяктыках вялікіх аб’ёмаў цяжкіх хімічных элемэнтаў.
28 студзеня 1986 году з-за няспраўнасьці ўшчыльніка O-ring у цьвёрдапаліўным паскаральніку загінуў касьмічны чаўнок «Чэленджэр» і яго каманда ў складзе 7 астранаўтаў. На гэтым здымку, зробленым празь некалькі сэкундаў па выбуху, бачна, як галоўны рухавік і цьвёрдапаліўны паскаральнік вывяргаюць струмні дыму вакол вялікага шару — газавага воблака з вонкавых паліўных бакаў. Запускі шатлаў праходзілі адзін за адным; гэта стала звычайнай падзеяй, таму відавочцы і тыя, хто назіраў за стартам па тэлебачаньні, былі ўзрушаныя і не маглі паверыць убачанаму, пакуль NASA не пацьвердзіла страту.