Януш Радзівіл (1579—1620)
![]() Януш Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст. | |
![]() Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 21 ліпеня 1579 |
Памёр | 6 або 7 ліпеня 1620 Чарлін |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Крыштап Радзівіл «Пярун» Кацярына з Астроскіх |
Жонка | Соф’я з Алелькавічаў Альжбета Соф’я Гагэнцолерн |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Альжбета Элеанора, Соф’я Агнешка, Багуслаў, Ян Юры |
Рэлігія | кальвінізм |
Дзейнасьць | вайсковец |
Януш Радзівіл (21 ліпеня 1579, Вільня — 6 або 7 ліпеня 1620) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1599—1619), кашталян віленскі (з 1618).
Быў старостам барысаўскім[1]. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках і Ліхтэнбэргу, князь слуцкі і капыльскі.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/2e/Sofja_Radzivi%C5%82_%28Alelkavi%C4%8D%29._%D0%A1%D0%BE%D1%84%E2%80%99%D1%8F_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB_%28%D0%90%D0%BB%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87%29_%28XVIII%29.jpg/160px-Sofja_Radzivi%C5%82_%28Alelkavi%C4%8D%29._%D0%A1%D0%BE%D1%84%E2%80%99%D1%8F_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB_%28%D0%90%D0%BB%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87%29_%28XVIII%29.jpg)
Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштапа «Перуна», гетмана вялікага літоўскага, і Кацярыны з Астроскіх. Меў зводнага брата Крыштапа.
Атрымаў кальвінісцкае выхаваньне, навучаўся ў Страсбурскім і Базэльскім унівэрсытэтах, падарожнічаў Нямеччынай, Чэхіяй, Аўстрыяй, Вугоршчынай, Францыяй.
У вайну з Швэцыяй (1600—1629) у 1600—1602 гадох удзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць швэдзкіх войскаў у Інфлянтах, удзельнік бітвы пад Кокенгаўзенам 1601 году. Камандаваў коннымі харугвамі, быў фактычным палкоўнікам у Інфлянтах пры сваім бацьку — Крыштапе «Перуне». У 1599 годзе атрымаў урад падчашага вялікага літоўскага, у 1619 годзе — кашталяна віленскага. Абіраўся паслом на соймы 1603, 1605 і 1606 гадоў, дзе ўзначальваў кальвінісцкую і праваслаўную групоўкі, адстойваў рэлігійныя і палітычныя правы некаталікоў.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/26/Al%C5%BEbieta_Sofja_Radzivi%C5%82_%28Hohenzollern%29._%D0%90%D0%BB%D1%8C%D0%B6%D0%B1%D0%B5%D1%82%D0%B0_%D0%A1%D0%BE%D1%84%E2%80%99%D1%8F_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB_%28%D0%93%D0%BE%D0%B3%D0%B5%D0%BD%D1%86%D0%BE%D0%BB%D0%B5%D1%80%D0%BD%29_%281613%29.jpg/160px-Al%C5%BEbieta_Sofja_Radzivi%C5%82_%28Hohenzollern%29._%D0%90%D0%BB%D1%8C%D0%B6%D0%B1%D0%B5%D1%82%D0%B0_%D0%A1%D0%BE%D1%84%E2%80%99%D1%8F_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB_%28%D0%93%D0%BE%D0%B3%D0%B5%D0%BD%D1%86%D0%BE%D0%BB%D0%B5%D1%80%D0%BD%29_%281613%29.jpg)
Пакрыўджаны на Жыгімонта Вазу за перадачу ў 1603 годзе некалькіх трыманьняў яго бацькі і малой гетманскай булавы Вялікага Княства Літоўскага Яну Каралю Хадкевічу, выступаў супраць палітыкі караля і вялікага князя. Абвінаваціўшы таго ў парушэньні «актаў абраньня» ад 1587 году, спробах увесьці ў Рэчы Паспалітай «тыранію» замест «рэспублікі» і намаганьнях абмежаваць правы некаталіцкай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1606—1607 гадох разам з ваяводам кракаўскім М. Зэбжыдоўскім узначаліў рокаш супраць гэтых парушэньняў «залатых шляхецкіх вольнасьцяў» і абсалютысцкай палітыкі караля. 5 чэрвеня 1606 году абвешчаны маршалкам (кіраўніком рокашу) зьезду ракашанаў у Любліне, а 10 жніўня 1606 году — у Сандаміры. Выдаў унівэрсал з зьвінавачваньнямі караля ў парушэньні шляхецкіх правоў і свабодаў. 6 жніўня 1607 году каля Гузава (непадалёк ад Радама) адбылася бітва з каралеўскімі войскамі, у якой Януш Радзівіл камандаваў левым крылом войска ракашанаў. Нягледзячы на паразу, ракашане вымусілі караля пайсьці на кампраміс: Жыгімонт Ваза адмовіўся ад рэформы ўлады, ад сваіх абсалютысцкіх намераў, а ракашане адмовіліся ад спробы скінуць з стальцу караля. Ужо ўвосень 1607 году польскія ракашане выбачыліся перад каралем і здаліся, але Я. Радзівіл разам з сваім братам К. ІІ Радзівілам працягваў зьбіраць сілы. На заклікі М. К. Радзівіла (тагачаснага сеньера роду) зьявіцца ў Нясьвіж казаўся хворым. Толькі 20 чэрвеня 1608 году падпісаў замірэньне з кіраўніком войска рэгалістаў у Вялікім Княстве Літоўскім Янам Каралем Хадкевічам і распусьціў свае ўзброеныя сілы. Па чым зьехаў на 2 гады ў Нямеччыну, Францыю, Швайцарыю. Потым жыў у Данцыгу займаючыся асабістымі і маёмаснымі справамі.
Шукаючы пад ціскам роду і Льва Сапегі паразумення з каралём, але адмаўляючыся прыехаць і асабіста прабачыцца, у 1610 годзе адправіў Слуцкую артылерыю пад Смаленск. Па тым як Слуцак у 1613 годзе разрабавалі нізавыя казакі, спансаваў перабудову яго ўмацаваньняў ў сучасную бастыённую фартэцыю.
У 1618 годзе набыў места Ліхтэнбэрг у баварскай Франконіі пад Байротам, што дало яму, акрамя тытулярнага радавога найменьня «князя Сьвятой Рымскай імпэрыі», рэальныя правы землеўласьніка імпэрыі. У намеціўшымся супрацьстаяньні імпэрскіх улад з апазыцыяй абраў бок пратэстанцкіх князёў. Атрымаўшы ўрад кашталяна віленскага ў 1618 г., некаторы час жыў у Вільні. Прыязджаючы ў Вялікае Княства Літоўскае актыўна выступаў супраць вайны з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618). На соймах 1611, 1613, 1615 і 1618 гадоў бараніў роўныя правы пратэстантаў і праваслаўных з каталікамі.
Першы раз ажаніўся 1 кастрычніка 1600 году ў Берасьці з князёўнай Соф’яй Алелькавіч, спадчыньніцай Слуцкага і Капыльскага княстваў, якія па яе сьмерці ў 1612 годзе перайшлі ў валоданьне роду Радзівілаў і зрабілі яго найбагацейшым у Вялікім Княства Літоўскім. У шлюбе меў некалькі дзяцей, якія памерлі неўзабаве па нараджэньні[2]. Толькі адна з дачок — Кацярына — памерла праз 16 гадзінаў па сьмерці маці[3].
7 ліпеня 1613 году ў Бэрліне ажаніўся з Альжбетай Соф’яй, дачкой брандэнбурскага курфюрста Ёгана Георга Гагэнцолерн. У гэтым шлюбе нарадзіліся дзеці[4]:
- Альжбета Элеанора (1615—1633),
- Ян Юры (нар. і пам. 1616)
- Соф’я Агнешка (1618—1637)
- Багуслаў (1620—1669), харунжы і канюшы вялікі літоўскі
Памёр у лістападзе 1620 году ў Чапліне па хросьце свайго найменшага сына Багуслава, вярагодна ад чумы. Пасля хаўтураў у Вільні спачыў у кальвінскім зборы ў Дубінках.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Іканаграфія Януша Радзівіла
-
J. Heyden, 1609 г.
-
J. Heyden, 1609 г.
-
Невядомы мастак, 1646—1653 гг.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Г. Ляйбовіч, 1758 г.
-
М. Старкман, 1857 г.
-
Невядомы мастак, 1851—1875 гг.
-
З. Глогер, 1900 г.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 500.
- ^ Wasilewski T. Radziwiłł Janusz herbu Trąby (1579—1620) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/2, zeszyt 125. S. 207.
- ^ Калнофойскій А. Эпитафіи фундаторам лавры // Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей / Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей. — К. : типографія Е. Я. Федорова, 1874. С. 30.
- ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 501.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0