Дом па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 18 (Мінск)
Славутасць | |
Дом па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 18 | |
---|---|
| |
53°54′04″ пн. ш. 27°33′13″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Дата пабудовы | XIX стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 18 — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, на рагу з вуліцай Камсамольскай. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мураваны будынак на рагу вуліц Праабражэнскай і Багадзельнай быў пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Ён моцна пацярпеў падчас пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены. Адначасова з боку вуліцы Багадзельнай да старога будынка быў прыбудаваны новы двухпавярховы аб’ём. План будынка быў абумоўлены канфігурацыяй зямельнага пляца[1].
Гэта быў двухпавярховы мураваны будынак, накрыты складаным па форме дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Вокны першага паверха мелі драўляныя аканіцы. Паверхі былі падзелены на два ярусы, прафіляваныя цягай[1].
Галоўны фасад, які выходзіў на вуліцу Праабражэнскую, на другім паверсе меў балкон, які быў аздоблены фігурнымі жалезнымі кратамі[1].
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў уладальнікам гэтага дома быў мінскі мешчанін Якаў Бамдас. У 1907 годзе будынак набыў мінскі купец Саламон Ліўшыц[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года, асноўныя памяшканні будынка выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзілася кандытарская крама, заснаваная вядомым мінскім кандытарам турэцкім падданым Ахмедам Офлі, які ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў адчыніў у Мінску некалькі кандытарскіх крам пад назвамі «Канстанцінопальскія»[1].
Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны, кандытарская, заснаваная Ахмедам Офлі, была зачынена, а асноўная частка памяшканняў прыстасавана пад камунальныя кватэры[1].
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны ў выніку некалькіх рамонтаў была часткова зменена архітэктурнае рашэнне фасадаў[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, накрыты трохсхільным вальмавым дахам. Фасады вырашаны плоскасна. Паверхі падзелены карнізным поясам. Вокны прамавугольныя. Пад карнізам даху праходзіць пояс сухарыкаў. На другім паверсе размешчаны балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Планіроўка мяшаная. Выкарыстоўваецца як жылы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 18 (Мінск)
- БУДЫНАК № 18