Дрычын (Пухавіцкі раён)
Аграгарадок
Дрычын
| ||||||||||||||||||||||
Дры́чын[1] (трансліт.: Dryčyn, руск.: Дричин) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Дукорскага сельсавета.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва Дрычын паходзіць ад імя Дрык[2].
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Месціцца за 15 кіламетраў на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 2 кіламетры ад чыгуначнага прыпынку Дрычын лініі Мінск—Асіповічы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ранняя гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Дрычын вядомы з XVII стагоддзя як сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць каталіцкай царквы. У 1684 годзе ў вёсцы было 38 двароў, шляхецкая ўласнасць.
У канцы XVII стагоддзя пабудавана ўніяцкая царква. У 1744 годзе быў 61 двор і 185 душ мужчынскага полу, карчма, уласнасць Агінскіх.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. З канца XVIII стагоддзя ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні.
У 1800 годзе былі царква, карчма, 2 ветракі, уласнасць Ратынскага. У 1835 годзе існавала драўляная царква. З 1860-х гадоў у Навасёлкаўскай воласці Ігуменскага павета.
У 1866 годзе адкрыта народнае вучылішча. У 1886 годзе ў народным вучылішчы вучыліся 59 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.
У 1879 годзе Дрычынскі царкоўны прыход налічваў больш 2 тысяч прыхаджан, у яго ўваходзілі яшчэ 5 вёсак апроч Дрычына, пры царкве працавала папячыцельства. Царкве належала 70 дзесяцін зямлі, у тым ліку 33 — ворыва, 30 — сенажаці, 3 дзесяцін — прысядзібнай[3]. У царкоўным архіве станам на 1879 год захоўваліся метрычныя кнігі і спаведныя спісы прыхаджан з 1844 года.
Паводле перапісу 1897 года ў Дрычыне была ваўначоска з конным прывадам, школа, 3 крамы, піцейны дом, хлебазапасны магазін, адбываліся штогадовыя кірмашы.
У 1900 годзе у школе займаліся 54 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі, настаўнікам быў Міхаіл Васілеўскі. У 1904 годзе для школы пабудавалі новы драўляны будынак.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай воласць абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. За савецкім часам народнае вучылішча было ператворана ў працоўную школу 1-й ступені, у якой у 1922 годзе было 80 вучняў, працавалі 2 настаўнікі.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Дрычынскага сельсавета Пухавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 12 сакавіка 1935 года Рудзенскага, з 6 ліпеня 1935 года Смілавіцкага, з 11 лютага 1938 года Рудзенскага раёнаў, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У 1929 годзе праведзена калектывізацыя, створаны калгас «Новы Дрычын», была кузня. У 1930-я гады Дрычынская царква была закрыта, а праз некалькі год, з пісьмовай згоды мясцовых жыхароў, разабрана на будаўнічыя матэрыялы, з якіх пазней пабудавалі вясковую школу[4].
У 1939 годзе да Дрычына далучана вёска Пахар[5].
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. Дзейнічала савецкае падполле, у наваколлі партызанская брыгада «Беларусь». У 1942—1943 гадах нямецкай адміністрацыяй былі расстраляны 39 ваеннапалонных і 2 партызаны. У 1943 годзе вёска была часткова спалена[6].
У 2010 годзе нададзены статус аграгарадка. Да 28 мая 2013 года аграгарадок уваходзіў у склад Дрычынскага сельсавета[7].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]- 1744 год — 61 двор, 185 душ мужчынскага полу
- 1800 год — 128 двароў, 786 жыхароў
- 1816 год — 63 двары, каля 490 жыхароў
- 1886 год — 75 двароў, 995 жыхароў
- 1897 год — 240 двароў, 1225 жыхароў
- 1908 год — 220 двароў, 1762 жыхары
- 1917 год — 266 двароў, 1546 жыхароў
- 1960 год — 130 жыхароў; чыгуначны раз’езд, 7 жыхароў[8]
- 1971 год — 147 двароў, 496 жыхароў
- 1999 год — 730 жыхароў
- 2002 год — 261 двор, 731 жыхар
- 2007 год — 278 гаспадарак, 752 жыхары
- 2010 год — 730 жыхароў
- 2012 год — 254 гаспадаркі, 727 жыхароў
- 2019 год — 679 жыхароў[9]
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]У населеным пункце ёсць рэлігійная грамада хрысціян веры евангельскай[10].
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]- Дом быту
- Аддзяленне сувязі
- Ашчадная каса
- Сталовая
- Механічная майстэрня
- Крама
Культура
[правіць | правіць зыходнік]- Бібліятэка
- Дом культуры
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Медыцына
[правіць | правіць зыходнік]- Ветэрынарны ўчастак
- Амбулаторыя
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Царква Святога Іаана (каля 1750-х, страчана ў 1930-я).
- Ва ўрочышчы Старое Балота[12] раней быў валун, «скарбавы камень». Паводле падання, пад каменем быццам было зарыта шмат зброі і золата[13].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. с. 109
- ↑ Памяць 2003, с. 696.
- ↑ Кривошей, Дмитрий Александрович. Могілкі ў вёсцы Дрычын - В поисках утраченного... Пуховщина (англ.) . В поисках утраченного... Пуховщина (28 жніўня 2023). Праверана 9 студзеня 2024.
- ↑ Памяць 2003, с. 25.
- ↑ ГВБ 2013, с. 134.
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ ГВБ 2013, с. 134—135.
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 10 студзеня 2024.
- ↑ https://xn--b1agz2ae.xn--90ais/tserkov/pomestnye_tserkvi?search_obschini=109
- ↑ Дричинская базовая школа . drychyn.pukhovichi-asveta.gov.by. Праверана 10 студзеня 2024.
- ↑ Экскурсия по Пуховичскому району — на электричке (руск.). www.tio.by. Праверана 11 студзеня 2024.
- ↑ Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі 2022, с. 169.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дрычын // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 134—135. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- А. Карабанаў, В. Вінакураў, Л. Дучыц, А. Зайцаў, І. Клімковіч. Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут прыродакарыстання. — 2-е. — Беларуская навука, 2022. — 404 с. — ISBN 978-985-08-2793-7.
- Jelski A. Dryczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. — S. 178.